Пераможца вызначаны!

На днях быў вызначаны пераможца конкурсу “Тур выхаднога дня”, які прайшоў 28 траўня на абанеменце Центральнай гарадской бібліятэкі (ЦГБ) імя Таўлая.


Конкурс праводзіўся ў рамках акцыі “Беларускі дзень: гаворым па-беларускі”, што ладзіцца супрацоўнікамі абанемента ЦГБ кожны апошні чацвер месяца. У гэты раз тэма акцыі была прывечана надыходзячым летнім адпачынкам, і мэтай яе стала папулярызацыя і прыцягненне ўвагі да цікавых гістарычных мясцін і аграсядзіб Баранавіцкага раёна.
Конкурс ладзіўся сумесна з інтэрнет-праектам “Турызм і адпачынак ў Баранавічах”. Умоваю было напісанне эссе на тэму “Мясціны Баранавіцкага краю, у якіх мне хацелася б пабываць”.
Пасля падвядзення супрацоўнікамі бібліятэкі і адміністрацыяй інтэрнет-праекта вынікаў конкурсу, высвятлілася, што яго пераможцам стала інжынер-тэхногаг прадпрыемства “БАРХІМ” Людміла Багданец.
Мы запрашаем Людмілу Фёдараўну на абанемент Центральнай гарадской бібліятэкі забраць свой прыз – кнігу “Зялёнае кола Баранавічаў. Аграсядзібы і славутасці”, выдадзеную індывідуальныім прадпрымальнікам Алегам Панамаровым у межах праекта USAID «Мясцовае прэдпрымальніцтва і эканамічнае развіццё», рэалізуемага Праграмай развіцця ААН пры каардынацыі Міністэрства спорта і турызма Рэспублікі Беларусь.

bibl 2

Ніжэй мы публікуем з некаторымі купюрамі эссэ пераможцы:

“Калі б у мяне было больш вольнага часу, я хацела б наведаць шмат мясцін, куткоў і куточкаў. Усё, што дыхае старажытнасцю, мяне надзвычай прываблівае.
Калі я працавала настаўніцай, разам з вучнямі мы наведалі мясціны, звязаныя з Паўлюком Багрымам – вёску Крошын.
Вельмі ўразіла каваная жырандоля ў мясцовым касцёле, а расповед пра гаротны і трагічны лёс гэтага надзвычай таленавітага чалавека нават на самых гарэзлівых падлеткаў аказаў уплыў, і яны сціхлі. Было гэта больш за 20 гадоў, і зараз, я ўпэўнена, там будзе яшчэ цікавей.
Кожную нядзелю па дарозе на лецішча, у вёску Мастытычы, што за Гарадзішчам, я літаральна “скручваю галаву”, калі аўтобус хутка мінае ў Сталовічах цудоўную царкву нейкага нетрадыцыйнага для праваслаўя стылю.
Ваколіцы возера Свіцязь (хаця гэта ўжо не Баранавіцкі, а Навагрудскі (Наваградскі) раён), таксама цягнуць да сябе, як магнітам. Завоссе – малая радзіма Адама Міцкевіча. Давадзілася бываць там на экскурсіі. Надзвычай таленавіты (трохі эксцэнтрычны) экскурсавод настолькі яскрава ўсё нам распавёў, што, здавалася, ён сам прысутнічаў пры нараджэнні Адама, суправаджаў яго ў маленстве ажно да ад’езду ў Наваградак. Прынцыпова (малайчына!) не пераходзіў на рускую мову, даведаўшыся, што група свая, Баранавіцкая. І што дзіўна, нават тыя, хто быццам бы не разумеў па – беларуску, потым дзякавалі за цудоўную экскурсію. Шкада, што я не ведаю яго прозвішча – цудоўны сын Беларусі!
І яшчэ ёсць у мяне мара – наведаць Грушаўку, што ў Ляхавіцкам раёне – маёнтак (ці што ад яго засталося) Тадэуша Рэйтана. Яго гераічны ўчынак на Сейме ўражвае. Цікава, ці захаваўся будыначак, дзе Рэйтан дажываў апошнія гады? І ці будзе калі-небудзь помнік гэтаму герою?
Я вельмі люблю Баранавічы, але ж горад гэты не старажытны, ён не дыхае даўнінай. А вось Баранавіцкі раён –гэта, для аматара даўніны, сапраўднае поле цудаў.
На жаль, у мяне зусім няма вольнага часу, хіба што ўзімку, наведаць мясціны, аб якіх мару.
А колькі ў нас яшчэ ёсць нязведаных куточкаў!..”

bibl 3

Прочитано 2387 раз