Каранацыя Міндоўга
750 гадоў таму на Баранавіцкай зямлі адбылася каранацыя на караля Вялікага князя Наваградскага Міндоўга.
Чытаючы гісторыю Беларусі савецкіх часоў ці цяперашніх прыдворных гісторыкаў, складваецца ўражанне, што наша мінуўшчына – гэта гісторыя лапцей, ручнікоў ды адвечнае стагнанне аб лепшай долі. Годзе цярпець гэтае плебейцтва і манкурцтва. У нас слаўная і гераічная гісторыя, ў якой былі свае каралі, рыцарскія ўчынкі і талерантнасць народа.
6 ліпеня 2003 г. споўнілася ўнікальная дата ў нашай гісторыі – 750-я ўгодкі ад часу каранацыі першага Гаспадара беларуска-літоўскай дзяржавы Міндоўга. Ён быў нашчадкам полацкіх князёў, унукам князя Расціслава.
Першая беларуская дзяржава Полацкае княства саслабела ў выніку міжусобнай барацьбы і крыжацкай агрэсіі ў 12-13 ст.ст. Затое ўзвысіўся Наваградак, які пачаў збіраць беларускія землі вакол сябе. Для выканання гэтай мэты ў Наваградак быў запрошаны з летапіснай Літвы ( знаходзілася паміж Наваградкам і Менскам ) ваяўнічы князь Міндоўг. Ён прыйшоў на службу ў якасці наёмніка, як паведамляе летапіс, разам з “многими своими боярами”.
Перш чым стаць Наваградскім князем, Міндоўг павінен быў ахрысціцца. У 1246 годзе ён прымае хрысціянцтва Візантыйскага ўзору і распачынае больш рашуча далучаць беларускія зямелі да Наваградскай зямлі. Такія паводзіны наваградскага князя ўстрывожылі галіцка- валынскіх князёў, якія марылі далучыць да сябе беларускае Панямонне. За кароткі час яны робяць 2 пахода супраць Міндоўга, але напады не далі жаданых вынікаў. Тады галіцка-валынскі князь Даніла пачынае збіраць кааліцыю з палякаў, яцвягаў, жмудзінаў. Міндоўгу трэба было тэрмінова шукаць выйсце з гэтага цяжкага становішча, каб разбіць варожую кааліцыю. Патрэбны былі нейкія незвычайныя дзеянні. Ён накіроўвае паслоў да магістра Лівонскага ордэна Андрэя фон Штырлянда, які абавязаўся выстарацца ў папы Рымскага каралеўскага тытула для Міндоўга пры ўмове яго хрышчэння па Рымскаму ўзору. І прыняў Міндоўг хрэст разам з жонкай Мартай, двумя малодшымі сынамі і цэлым дваром у 1251г. у летняй рэзідэнцыі Варуце ( цяпер мястэчка Гарадзішча, Баранавіцкага раёна ). Праваслаўнае насельніцтва і святарства Наваградка не вельмі вітала гэты крок Вялікага князя, таму ўрачыстасць адбылася ў летняй рэзідэнцыі Варуце. Абрад выканаў святар ордэна мечаносцаў Хрысціян.
Цяпер разам з крыжакамі Міндоўг больш смела бараніўся ад варожай кааліцыі, зачыніўшыся ў Варуце. Захапіць умацаванае гарадзішча войска Данілы не змагло. І каб паказаць сваю ваенную сілу, праціўнікі Міндоўга на гэты раз правялі звычайны рыцарскі турнір. Гэта быў першы рыцарскі турнір на беларускай зямлі, праведзены ў Баранавіцкім краі. ( Дарэчы, правядзенне Наваградскага рыцарскага турніра ў 2000 і 2002 гг., а таксама Нясвіжскага 3-4 ліпеня 2003 г. – гэта аднаўленне той рыцарскай традыцыі, якая была закладзена пад сценамі Варуты ў 1252 г. )
Фон Штырлянд слова сваё стрымаў: папа дазволіў каранацыю, якая адбылася 6 ліпеня 1253 г. Так Міндоўг стаў першым каралём беларуска-літоўскай дзяржавы. Гэта была супольная дзяржава славянаў і балтаў, якія жылі па прынцыпу: не рухаці старыны, не ўвадзіці навіны, а на вайну разам. На працягу больш 500 гадоў гэтая дзяржаўнасць адстойвала незалежнасць Бацькаўшчыны ад татара-мангольскіх захопнікаў, крыжакоў, крымскіх татараў і маскоўскіх цароў ды польскіх паноў, якія сквапна глядзелі на беларускія землі.
Дзе ж адбылася гэтая знакамітая каранацыя Міндоўга? Адзінай думкі ў вучоных на гэты конт няма. Напэўна, не ў Наваградку, бо, як дакладна вядома з валынскага летапісу, два гады пазней, пасля каранацыі, Міндоўг не меў яшчэ сваёй рэзідэнцыі ў Наваградку. А таму акт каранацыі мог адбыцца толькі ў Варуце.
Старшыня Баранавіцкай Рады Таварыства
беларускай мовы імя Ф. Скарыны
Віктар Сырыца