Кроніка гораду Баранавічы
ХІХ ст. Да паўстаньня 1863-64 году ўладарамі маёнтку Баранавічы былі Наркевічы, якія былі пазбаўлены правоў на яе царскім урадам за ўдзел у паўстаньні.
1864 г. Маёнтак Баранавічы набыў расейскі гэнэрал Гарнеўскі.
1876 г. Маёнтак Баранавічы быў прададзены маскоўскаму купцу Ягору Кузьняцову.
1881 г. Маёнтак Баранавічы купляе графіня Лізавета Аляксандраўна Развадоўская.
28.11. (11.12 па н.с.) 1871г. Заснаваньне станцыі Баранавічы (пачатак руху па лініі чыгункі Варшава-Масква).
1884 г. Заснаваньне станцыі і мястэчка Развадова (пры Баранавычы-Цэнтральныя). Пасёлак пры новай станцыі (Баранавічы-Палескія) названы Новыя Баранавічы на новай лініі чыгункі Вільня-Роўна
27.05.1884г. Плян забудовы мястэчка Развадова зацьверджаны Менскім губэрнатарам Пятровым.
1886 г. Будаўніцтва адрэзку Баранавічы-Горадня-Беласток аб’яднаньне двух мястэчак.
1889 г. Пры Палескім вакзале адчынены шпіталь на 20 ложкаў.
1897 г. У Баранавічах 4,6 тысяч жыхароў. 50% – габрэі.
1899 г. Перабудова Палескага вакзалу з драўлянага на цагляны.
10-13.12.1905 г. Страйк працоўных і жаўнераў чыгуначнага батальёну на Палескім вакзале. Адключаны тэлеграф. Прыпынены рух цягнікоў. Пабіты гэнэрал Арцем’еў, зь яго сарваныя пагоны. Мітынгі кожны дзень. .
13.12.1905 г. Прыбыцьцё ў горад карнай экспэдыцыі гэнэрала Арлова і атрадаў памежнай стражы палкоўніка Рэрбэрга. Арышты актывістаў і адпраўка іх у Віленскую турму.
16.12.1905 г. Адноўлены рух на чыгунцы.
1908 г. Пабудаваны першы праваслаўны храм, на сродкі парафіян.
1909 г. У Баранавічах жыве каля 10 тысяч чалавек.
1911 г. У горадзе дзейнічае тэлефонная сетка для агульнага карыстаньня. Працуе 7 пачатковых мужчынскіх і жаночых школаў, чатырохклясная прагімназія, 3 чыгуначныя вучэльні.
1913 г. У Баранавічах 1156 прысядзібных і 1300 асобных дамоў, зь іх 1198 драўляных аднапавярховых. 4 праваслаўныя царквы, 1 рыма-каталіцкая капліца, 10 габрэйскіх малітоўных дамоў. 35 вуліц зь якіх забрукавана толькі адна. У горадзе працуе 3 цаглельні, 2 тартака, 3 фабрыкі млынных жэрнавоў, 2 млына, маслабойня, мылаварня ды чыгуналіцейка. Выдаецца “Барановичский листок объявлений”. Працуе 2 аптэкі й адзін шпіталь на 20 ложкаў.
1914 г. У Баранавічах жыве больш за 31 тыс. чалавек.
11-28.06.1915г. Цар Мікалай ІІ апошні раз наведвае Стаўку Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ў Баранавічах. Гэтым разам праводзіцца тэрміновае паседжаньне Савету Міністраў.
31.07.1915 г. Пачата дабудова прыдзелу першага праваслаўнага храму ў гонар знаходжаньня ў горадзе стаўкі Вярхоўнага Глаўнакамандуючага Мікалая ІІ. Падчас закладкі першай памятнай пліты тая рассыпалася. Што ўсе палічылі за дрэнны знак. (гл. болей).
9.08.1915 г. Стаўка пераязджае ў Магілёў.
Верасень 1915 г. у Баранавічы ўваходзяць немцы.
19-25.06.1916 г. Немцы праводзяць Баранавіцкую апэрацыю .
Ліпень 1916 г. 10 аэраплянаў Ільля Мурамец 4-га авіядывізыёну скінулі на станцыю Баранавічы 55 авіябомбаў; налёт праводзіўся ўдзень, і былі добра бачныя дакладныя патрапленьні ў артылерыйскія склады, дзе ўзьнік вялікі пажар.
09.09.1916г. Першая вагнямётная атака немцаў на Ўсходнім фронце, ля Скробаўскага ручая (на ўсход ад Баранавічаў) .
Пачатак кастрычніка 1916 г. Пасьля заканчэньня Нарачанска-Віленскай апэрацыі з Усходу ад Баранавічаў акапалася 4-я расейская армія, 3-я на Палесьсі, па Шчары і Агінскаму каналу.
7 кастрычніка 1916 г. Корпус гэнэрала Ялыпіна (Елыпина) з 42-й пяхотнай дывізыяй раптоўным ударам, адмовіўшыся ад доўгатэрміновай падрыхтоўкі, разграмілі 12-ты аўстра-вугорскі корпус, які абараняў падыходы да Баранавічаў.
Сакавік 1918 г. Створаны мясцовы камітэт БНР.
5.01.1919 г. У горад уваходзіць атрад Чырвонай Арміі. На рынкавай плошчы мітынг.
6.02.1919 г. Прызыдыюм ЦВК БССР прыняў пастанову аб стварэньні Баранавіцкага ўезду ў складзе Менскай губерні з цэнтрам у Баранавічах. Баранавічы атрымалі статус гораду. Павет меў 6 валасьцей: Востраўская, Гарадзішчанская, Дараўская, Крывошынская, Навамыская і Сталовіцкая. (У 20-м годзе далучаны Ляхавіцкая Мядзьведзіцкая, Чэрніхаўская, Ястрамбельская).
16(17?).03.1919 г. У Баранавічах польскія войскі.
25.03.1919 г. Горад захопліваюць Чырвоныя.
19.04.1919 г. Палякамі ўзятыя Баранавічы і Наваградак.
05.12.1919 г. У ваколіцах Баранавічаў каля 100 беларускіх школ. Пазьней польскі школьны інспэктар пачынае іх зачыняць. .
Пачатак 1920 г. У Баранавіцкі павет далучаны яшчэ: Ляхавіцкая, Мядзьведзіцкая, Чэрніхаўская і Ястрамбедьская воласьці.
08.02.1920 г. Адбыўся сход грамадзянаў гораду спагадаючых беларускаму руху і выбары Павятовай Рады .
15.02.1920 г. У Баранавіцкім павеце 37 беларускіх, 67 расейскіх ды 35 польскіх школаў .
Канец сакавіка 1920 г. У Баранавічы адыходзяць польскія войскі пасьля вайсковай дапамогі Латвіі. .
Ліпень 1920 г. Горад зноўку захопліваюць бальшавікі.
01.08.1920 г. У Баранавічы прыбывае польская дэлегацыя весьці перамовы аб замірэньні..
30.09.1920 г. Чырвоныя пакідаюць горад, прыходзяць палякі.
Канец сьнежня 1920 г. У Баранавічы пераязджае Рада Случчыны.
1920 г. У Баранавічах 11 тысяч жыхароў (67% жыды).
20.01.1921 г. Частка Рады Случчыны прызнае сваім важаком Станіслава Булак-Балаховіча й зьязджае да яго, астаняя чачстка распускаецца. (гл.сюды).
Сакавік 1921 г. Па Рыскай дамове Баранавічы адыходзяць да Польшчы.
3.03.1921 г. Баранавіцкі павет уваходзіць у склад Наваградзкага ваяводзтва. Памеры павету 3497 км2, насельніцтва 14,2 тыс. чалавек (1922).
19.04.1921 г. Згарэў першы праваслаўны храм, на раніцу пачалі зьбіраць грошы на пабудову новай царквы.
30.05.1921 г. На Баранавіцкім абменным пункце ваеннапалонных знаходзілася 487 савецкіх палонных (даведка CAW.oddz.I szt. MSWojsk.- I.300.1-t.402.Warszawa, dn.31.05.1921 r).
Верасень 1922 г. У пажарным дэпо адбываецца беларускі перадвыбарчы зьезд, які разагнаў прысутнічаючы на зьездзе Булак-Балаховіч.
Восень 1922 г. Выбары ў Сэнат .
30.10.1922 г. Маршал Ю. Пілсудзскі прыехаў цягніком у Баранавічы.
Лістапад 1924 г. Бальшавіцкія партызаны спыняюць цягнік каля ст. Лясная Баранавіцкага ўезду ды разбройваюць польскіх афіцэраў і жаўнераў. Праз некалькі дзён 16 удзельнікаў нападу схоплены.
11.11.1924 г. Выйшла пастанова Рады Менскай, якая прысвоіла маршалу Пілсудзскаму ганаровае грамадзянства горада Баранавічы.
7.11.1927 г. У Баранавічах вывешваюць чырвоныя сьцягі да 10-годзьдзя Кастрычніцкага перавароту.
1929г. У Баранавічах 11471 жыхароў.
Кастрычнік 1929 г. Адкрыты павятовы музэй зь ініцыятывы настаўніка Л. Турскага.
1931 г. Адбудавана праваслаўная царква. Сьцены і мазайку прывезьлі з Варшавы, дзе быў зьнішчаны сабор Аляксандра Неўскага .
28.11.1931 г. У Баранавічах павешаны 7 чыгуначнікаў, што ўдзельнічалі ў вызваленьні палітзьняволеных (А. Скачко, М.Казей, І.Барыс, А.Гаціцкі, І.Сараковік, М.Тараповіч, М.Цьвірка). На 12 год катаргі асуджаны А. Нячай, П. Паліеніс, К. Кудзін, на 10 год – М. Гаціцкі.
Верасень 1932 г. Выяздная сэсія Наваградзкага суду правяла ў горадзе 5 працэсаў і асудзіла 27 чалавек, што належылі да КПЗБ.
1935 г. Напрыканцы году створаны ў горадзе Камітэт Народнага Фронту, куды ўвайшлі большасьць партый ад крайне левых да правых.
1.05.1935 г. Камітэт антыфашысцкага народнага фронту ў які ўвайшлі КПЗБ, ППС і Бунда, правялі ў горадзе массавую дэманстрацыю
27.08.1935 г. Сьвята 9-га Дывізыёну Артылерыі Коннай у Баранавічах.
Люты 1936 г. Шматтысячны мітынг працоўных за барацьбу з фашызмам і яднаньню працоўных.
8.03.1936 г. Мітынг жыхароў гораду каля будынку прафсаюзаў.
1.05.1936 г. Першамайская дэманстрацыя.
Ліпень 1937 г. Пачалося будаўніцтва Станцыі Польскага радыё ў Баранавічах (за Саветамі “глушылка”, цяпер тэлебачаньне INTEX-TV) .
20.10.1938 г. Пачало вяшчаньне на хвалі 577 м. Баранавіцкая Станцыя Польскага радыё .
1939 г. У Баранавічах жыве 9 тысяч жыдоў. Пасьля прыходу Саветаў сюды зьехалася яшчэ 3 тысячы жыдоў, што ўцякалі ад немцаў.
15.09.1939 г. 13:00 Нямецкая авіяцыя бомбіць чыгуначную станцыю. Зьнішчана некалькі цягнікоў. Таксама, безпасьпяхова, скідваюцца бомбы на Баранавіцкую радыёстанцыю .
20.09.1939 г. Чырвоныя ў горадзе , і (сюды)
21.09.1939 г. Выйшаў першы нумар газэты “Голос Рабочего” на беларускай і расейскай мовах, друкаваны ворган Часовага кіраваньня гораду Баранавічаў і павету.
22.10.1939 г. Выбары дэлегатаў на Народны Сход (Сабрание) .
28-30.10.1939 г. У Беластоку праходзіць Народны Сход. Дэпутатамі ад Баранавічаў выбраны І.І. Райскі, Б.І. Гуталевіч, М.М. Шевц, Ф.Е. Дзенісевіч, П.Е. Нахвацюк, В. Царук і інш.
2.11.1939 г. Вярхоўны Савет СССР, заслухаў заяву паўнамоцнай камісіі Народнага Сходу (Народного Собрания), пастанавіў задаволіць яе просьбу і ўключыць Заходнюю Беларусь у склад СССР.
У гэты ж дзень загадам № 001337 створаны УНКВД па Наваградзкай вобласьці (з 04.12.39 г. – Баранавіцкай вобласьці, а 13.12.39 г. – загадам НКВД СССР перайменавана ў УНКВД па Баранавіцкай вобласьці). Кіраўніком аддзелу з гэтага дня і да лістападу 1940 году быў А.П. Місюраў (Мисюрев).
14.11.1939 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў закон “Аб прыняцьці Заходняй Беларусі ў склад БССР”.
1.12.1939 г. У горадзе пачала выдавацца абласная газэта “Чырвоная Звязда” на беларускай мове. Наклад – 20 тысяч асобнікаў.
3.12.1939 г. Зацьверджана пастонова “О национализации промышленных предприятий и учреждений на территории Западной Украины и Западной Белоруссии” .
Сьнежань 1939 г. У горадзе ўзьнікаюць вялізныя чэргі па хлеб. Абкам вырашае правесьці “изьятие чуждых элементов, проникших в хлебопекарни” .
4.12.1939 г. Баранавічы сталі абласным цэнтрам. Прыняты указ вярхоўнага Савету СССР “Аб стварэньні Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласьцей ў складзе Беларускай ССР”.
У гэты ж дзень створаны УНКВД па Баранавіцкай вобласьці. (Па іншай інфармацыі – 13.12.39 г).
13.12.1939 г. Загадам НКВД СССР УНКВД па Наваградзкай вобласьці пераназваная ў УНКВД па Баранавіцкай вобласьці.
21.12.1939 г. Пачаўся абмен злотых на банкаўскіх рахунках па курсу 1:1, але ня больш за 300 злотых. .
1940 г. На вуліцы Сенатарскай (цяпер вул. Горкага), дом № 121 знаходзіўся настаўніцкі інстытут.
Студзень 1940 г. Пачалі працу абласны й гарадзкі камітэты КП(б)Б.
10.01.1940 г. Баранавіцкае бюро абкаму КП(б)Б прымае пастанову “Аб мерапрыемствах па падрыхтоўцы апэрацыі па высяленьню асаднікаў…” (О мероприятии по подготовке к проведению операции по выселению осадников…). Дзеля ажыцьцяўленьня гэтага мерпрыемства абласному Упраўленьню НКВД напраўлялася 175 чалавек.
16.01.1940 г. ЦК КП(б)Б прыняў рашэньне “Аб утварэньні калгасаў і саўгасаў у заходніх абласьцях Беларусі” .
Люты 1940 г. пачынае працу Баранавіцкі Дзяржаўны абласны драматычны тэатар. Першы сэзон пачаўся сьпекталем Я. Коласа “У пушчах Палесься”.
1.02.1940 г. Прымусовы вываз 1290 чалавек у Горкаўскую вобласьць (гл сюды)
15.02.1940 г. Пачатак паспартызацыі ў Заходняй Беларусі .
22.03.1940г. Берыя падпісаў загад “О разгрузке тюрем НКВД УССР и БССР”. Большая частка зьняволеных складалі польскія афіцэры і паліцыянты. Пераводу ў Кіеўскую, Харкаўскую і Хэрсонскую вязьніцы (для растрэлу) падлягалі таксама 450 чалавек з Баранавічаў. “Праца” павінна была праведзена за дзесяць дзён.
24 сакавіка 1940 г. выбары ў Вярхоўны Савет СССР і БССР. Ад Баранавіцкай вобласьці ў Вярхлўны Савет СССР абрана 22, а ў ВС БССР 202 дэпутаты.
Красавік 1940 г. Баранавіцкі абкам партыі выдаў загад абладдзелу юстыцыі “немедленно очистить адвокатуру от пролезших в ее состав бывших польских адвокатов”. .
8.04.1940 г. Баранавіцкі абкам разгледзеў пытаньне “О выселении семей репрессированных помещиков, офицеров, полицейских и т.д. ” (дакладчык – кіраўнік УНКВД. Місюраў А.П.) .
14.04.1940 г. Прымусовы вываз: 1049 чал. – у Акмалінскую вобл, 713 – у Паўночнаказахскую вобл
16.04.1940 г. Прымусовы вываз 1378 чалавек у Чэлябінскую вобласьць
20.04.1940 г. Прымусовы вываз 994 чалавек у Актубінскую вобласьць
Май 1940 г. У Баранавічы пераводзяць 135-ы баталён 11-й брыгады KB НКВД (камандзер – маёр Ішчанка Міхаіл Навумавіч), што дыслякаваўся раней у падмаскоўным мястэчку Багародзкім. Гэты батальён пасьля вартаваў Асташкоўскі лягер (былы манастыр на востраве Столбны), дзе былі растраляныя польскія афіцэры. Дарэчы гэты ж, батальён ахоўваў Ляфортаўскую, Бутырскую і Таганскую вязьніцы.
30.06.1940 г. Прымусовы вываз 785 чалавек у Сьвярдлоўскую вобласьць
Кастрычнік 1940г. Выбары ў мясцовыя Саветы .
19.12.1940 г. Кіраўніком УНКВД па Баранавіцкай вобласьці стаў Крысанаў П.Я. (Да пачатку вайны).
Пачатак 1941 г. У горадзе 13 агульнаадукацыйных школаў, тэхнічная школа, настаўніцкі інстытут, мастацкі музэй, Дом піянэраў, Дом народнай творчасьці, 2 кінатэатры, 8 клюбаў, 14 бібліятэк, 5 кінамеханічных апаратаў. 4 аптэкі, абласная й гарадзкая бальніцы, 3 паліклінікі для дарослых і 1 дзіцячая, радзільня, жаночая кансультацыя, дом немаўля, турма “Крывое кола”.
22.06.1941 г. Бамбаваньне гораду нямецкай авіяцыяй.
23.06.1941 г. Бамбаваньне гораду нямецкай авіяцыяй.
26.06.1941 г. Падчас нямецкага бамбаваньня, на перагоне Баранавічы – Менск паранена 15 высяленцаў зь 703, якіх везьлі зь Беластоцкай вобласьці ва Ужгур Краснаярскага краю. Эшалён высяленцаў прыбыў туды 8-9-.07.1941 г.
27.06.1941 г. Немцы ў горадзе.
29.06.1941 г. На плошчы (цяпер стадыён “Лякаматыў”) адбыўся першы публічны растрэл. Растраляна 90 цыганоў. Якіх прыгналі з райёну Гінцавічы-Малькавічы.
Канец чэрвеня 1941 г. Казімір Летаўт накіраваўся ў Наваградак і Баранавічы, з мэтай арганізацыі кансьпіратыўнай сеткі польскага падпольля ZWZ (Зьвяз Збройнага Змаганьня)
22.07.1941 г. Пачала выходзіць “Баранавіцкая газэта” .
11.07.1941 г. На Баранавіцкай чыгуначнай станцыі польскія падпольшчыкі начале з Я. Барысевічам падпалілі 2 цысцэрны, чым перапынілі рух на 2 дні .
4.03.1942 г. Першая акцыя зьнішчэньня Баранавіцкага гета. У 6:00 адабрана й вывезена 3400 чалавек за горад на 300 мэтраў і там да 14:00 растраляна. (Каля “Зялёнага мосту” – раён вагоннага дэпо)
5.04.1942 г. На Вялікдзень вестку аб утварэньнi Беларускага Усходне-Каталiцкага Экзархату (вуніяты) падала “Баранавiцкая газэта” і надрукавала пастарскі зварот айца Антона Неманцэвiча. У гэтым лiсьце ён зьвяртаўся да ўсяго беларускага народу. Пастарскі зварот айца А. Неманцэвiча з ”Баранавiцкай газэты”перадрукавала нават бэрлiнская беларуская газэта “Ранiца”, падаючы кароткiя весткi пра асобу а. А. Неманцэвiча й аб тым, што ў Экзархаце ўрадаваю моваю ёсьць беларуская мова.
Ліпень 1942 г. На станцыю пад Баранавічы з г. Грэзэнштадт (Чэхія), прыбыло тры эшалёны с 3 тысячамі вязьняў габрэйсага гета Грезэнштадт. Усе яны былі вывезены на паўночна-ўсходні ускраек гораду (урочышча Гай) і растраляныя ці атручаныя ў душагубках. Помнік усталяваны 27.06.1972 г.
Восень 1942 г. У горадзе працуе радзільны аддзел на 45 ложкаў, шпіталь, Сярэдняя Мэдычная Школа, з аддзеламі мэдсясьцёр, акушэрак, фэльчараў, аптэкараў і вэтэрынарных памочнікаў, налічвала 360 студэнтаў з 33 выкладчыкамі. Сярэдняя Гандлёвая Школа – 120 студэнтаў і 15 выкладчыкаў. Сярэдняя Мастацкая Школа – 30 студэнтаў. Сярэдняя Музычная Школа пад кіраўніцтвам кампазытара Спаскага, Сярэдняя Тэхнічная Школа – 150 студэнтаў і каля 20 настаўнікаў. Настаўніцкія курсы – 100 студэнтаў. Матуральныя курсы – больш 60 студэнтаў. Беларускі Народны Дом Культуры пад кіраўніцтвам Шыдлоўскага – хор, танцавальны ансамбаль, тэатральная група, струнны аркестар, выстава беларускага мастацтва.
22.09-2.10.1942 г. Другая акцыя вынішчэньня гета. Зь лягеру г. Баранавічы пад кіраўніцтвам кіраўніка баранавіцкага Сд унтэрштурмфюрэра Вальдемара Аммэлюнга , намесьніка гэбітскамісарыяту Бартрама Курта, обэрштурмфюрэра Шлегеля за горад, за 3 км (в. Грабавец і Глінішча) вывезена й растраляна 5 тыс. габрэяў.
Пачатак сьнежня 1942 г. Арганізоўваецца чыгуначны батальён у Баранавічах .
17.12.1942 г. Трэцяя й апошняя акцыя зьніштажэньня гета. У 4:00 адабрана невялікая групка ў 210 маладых сьпэцыялістаў, якіх адвезьлі ў Калдычэўскі лягер, астатніх габрэяў вынішчылі.
Канец сьнежня 1942 г. На ўезьдзе ў горад зьявіўся надпіс “Юден райн” (вызвалена ад габрэяў). У Баранавіцкім гета вынішчана 18750 габрэяў, зь іх 12 тысяч – жыхары Баранавічаў.
25.03.1943 г. Парад у цэнтры гораду ў гонар 25 сакавіка.
Вясна 1943 г. Разгомлена бальшавіцкае падпольле, схоплена каля 150 чалавек.
Красавік 1943 г. Створана баранавіцкае партызанскае злучэньне, пад кіраўніцтвам Чарнышова. Туды ўвайшлі бальшавіцкія атрады Баранавіцкай вобласьці й навакольля. Пачала выходзіць газэта “Чырвоная Звязда”.
Красавік 1943 г. Пачаў працаваць Баранавіцкі падпольны абкам ЛКСМБ (сакратар Рыбакоў А.К. – дагэтага ў Менскай вобласьці ў партызанскім злучэньні. Пасьля адмысловай пдрыхтоўкі, яго ў якасьці ўпаўнаважанага ЦК разам з групай камсамольцаў накіравалі ў Баранавіцкую вобласьць) /Партийное подполье в Белоруссии-Минская обл. – Мазуров К.Т. “Боевой помощник партии” с. 77,81/.
Другая палова 1943 г. Пачаў стварацца 60-ты паліцыйны батальён у Баранавічах.
3.07.1943 г. Савецкі падпольшчык Дарашэвіч падрывае разам з сабою нямецкі эшалён з палівам на станцыі Баранавічы-Цэнтральныя.
Восень 1943 г. У Баранавічах паўстала арганізацыя Саюз Беларускай Моладзі (СБМ).
14.09.1943 г. Спроба вывазу ў Нямеччыну навучэнцаў Баранавіцкіх Мэдычнай, Гандлёвай й Тэхнічна-Адміністрацыйных школаў. Правал акцыі і супраціў беларускіх патрыётаў
Лістапад 1943 г. Чырвоны партызан А. Мацяш пераапрануты ў нямецкую форму, падарваў міну ў афіцэрскай залі станцыі Баранавічы.
Сьнежань 1943 г. Прыезд у Баранавічы Радаслава Астроўскага. .
Студзень 1944 г. “Баранавіцкая Газэта” перайменаваная ў “Пагоню” .
31.01.1944 г. Партызанамі выкрадзены намесьнік бурмістра М. Русак.
Люты 1944 г. Ганаровы прыезд Радаслава Астоўскага ў Баранавічы (гл.сюды).
Вясна 1944 г. Немцы змусілі вучняў баранавіцкіх сярэдніх школаў капаць акопы.
11.03.1944 г. На рынакавай плошчы павешаныя савецкія падпольшчыкі з групы А. Крыштофіка.
20.06.1944 г. Скончыўся навучальны год у сярэдніх школах гораду.
24.06.1944 г. Выйшаў апошні нумар Баранавіцкай газэты “Пагоня” (Былая “Баранавіцкая Газэта”) .
27.06.1944 г. У Баранавіцкім акружным камісарыяце адбылася сумесная нямецка-беларуская вечарына з выступам опернага сьпевака Віхмана, што прыехаў зь Берліну. Званок гэнэрала Нявігера, што камандаваў нямецкімі войскамі ў Баранавічах азмрочыў вечарыну, паведамленьнем аб цяжкім становішчы на фронце.
Уначы савецкая авіяцыя нанесла магутны бомбавы удар па гораду цэлячы ў вайсковыя склады й чыгунку (гл. тут). Тады ж у горадзе была расклена улётка, дзе пісалася пра хуткую перамогу Савецкіх войскаў.
28.06.1944 г. У другой палове дня немцы зь цяжкасьцью здолелі зьвязацца зь Менскам.
2.07.1944 г. Апошні нямецкі транспарт з гораду
8.07.1944 г. Савецкія войскі ўваходзяць у горад.
24.07.1944 г. Прынята пастанова Баранавіцкага аблвыканкаму і абкаму КП(б)Б “Об организации работы МТС”. Створаны першыя МТС у Ляхавіцкім раёне.
14.08.1944 г. Аднавіла працу фэльшарска-акушэрская школа па вул. Шассэйнай (цяпер Брэсцкая)
Восень 1944 г. У навучальным 1944-45 годзе адчынілася 6 школаў. Працягнуў працу настаўніцкі інстытут.
Восень 1944 г. Пачынае працу маторарамонтны завод (тры такарных станка і кузьня, 70 чалавек працоўных), цяпер завод аўтаматычных ліній. Арцель “Красный Металист” на вуліцы Дзяржынскага (Сьвярдлова) – цяпер завод станкапрыладаў.
Сакавік 1945 г. Баранавіцкі абласны тэатар паставіў першую пасьлянямецкую п’есу “Где-то в Москве” пад кіраўніцтвам Я. Танальскага.
09.07.1945 г. Вылучэньнем з Беларуска-Літоўскай ваеннай акругі, утворанай у студзені 1945 году (уключала тэрыторыю БССР і Літоўскай СССР, штаб – у Менску), былі ўтвораны Баранавіцкая і Менская ваенныя акругі. Баранавіцкая ўключала ў сябе тэрыторыю Баранавіцкай, Брэсцкай, Гарадзенскай, Пінскай, Бабруйскай, Палескай і Гомельскай абласцей (штаб – у Бабруйску). Праіснавалі да 04.02.1946 г. – гл. далей.
1946 г. Пачаў працаваць Дом Піянэраў і школьнікаў на вуліцы Дзімітрава (цяпер Пірагова).
04.02.1946 г. Баранавіцкая і Менская ваенныя акругі былі аб’яднаны ў адну акругу – Беларускую, якая ўключала ў сябе ўсю тэрыторыю рэспублікі. Штаб акругі спачатку разьмяшчаўся ў Бабруйску, а са студзеня 1947 году – у Менску. Камандуючым БВА быў прызначаны камандуючы войскамі Баранавіцкай ВА Маршал Савецкага Саюзу Цімашэнка С.К., чальцом Ваеннай рады – гэнэрал-лейтэнант Бабійчук Г.П., начальнікам штабу – гэнэрал-палкоўнік Іваноў С.І.
Вясна 1946 г. у Старым парку зьбіраецца антыбальшавіцкая аоганізацыя “Чайка” .
1946 г. Шматлікія бежанцы з Украіны бягуць у Беларусь. Шмат памірае на Палескім вакзале. .
1947 г. На вул. Палескай (цяпер вул. Зялёная) пачынае працу арцель “Камунарка” – цяпер трыкатажная фабрыка.
Чэрвень 1947 г. Разгром маладзёвай антыбальшавіцкай арганізацыі “Чайка” .
1949 г. Адкрыты помнік Грыцаўцу .
Лета 1951 г. Прымусовыя дэпартацыі з гораду .
8.01.1954 г. Баранавіцкая вобласьць скасавана і падзелена між іншымі вабласьцямі рэспублікі.
Лета 1963 г. У. Караткевіч, Я. Брыль, У. Калесьнік пачынаюць з Баранавічаў вандроўку па Беларусі. .
1960 г. Пачынаецца будаўніцтва баваўнянага камбінату.
Лістапад 1964 г. Праз вакно, вечарам, застрэлены старшыня калгасу “Искра” Браніслаў Вільчкоўскі.
27.02.1978 г. Вёска Баранавічы афіцыйна ўключана ў межы гораду Баранавічы.
1990 г. Асьвячэньне вялікага крыжа ў касьцёле, шматлюднае шэсьце праз цэнтар гораду. Самавольнае ўсталяваньне Крыжа ахвярам гвалту (сталінскіх рэпрэсій) 1939-1953 г.г. на былых могілках (тады раён гарвыканкаму, цяпер райвыканкам) і ля банку). Некалькі тыднёвае дзяжурства дабраахвотнікаў ля крыжа. Пасьля гэты раён быў акружаны жаўнерамі, мэталёвы крыж зрэзаны. Аднак пад ціскам супольнасьці праз нейкі час усталяваны за 200 мэтраў у сквэры, на месцы былой турмы “Крывое кола”.
27.05.1991 г. У Баранавічах друкуецца першы нумар адноўленай “Нашай Нівы” .
25.03.1993 г. У Доме Мастацтваў /да 1991 г. гаркам КПБ, з сярэдзіны 90-х Гарвыканкам/ першы і пакуль апошні раз адзначаўся Дзень Волі. Выступілі Алег Трусаў (тады дэпутат ВС), прафэсар Уладзімір Кулажанка. Прысутнічалі, акрамя патрыётаў, старшыні прафкамаў гораду і кіраўніцтва баранавіцкіх прадпрыемстваў.
10.02.2005 г. На ганку гарвыканкаму /пл. Леніна/ адбыўся сход у падтрымку ўсеагульнай акцыі прадпрымальнікаў супраць адмены ПДВ. Сабралася каля 100 чалавек. Адбылася сустрэча з мэрам гораду Віктарам Дзічкоўскім. Пасьля на ганак да прадпрымальнкаў выйшаў яго намесьнік В.У. Аляксееў.
01.03.2005 г. Прадпрымальнікі праводзяць мітынг супраць ПДВ напрыканцы сакавіка за яго і за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыяй пакаралі штрафам Мікалая Чарнавуса лідэр баранавіцкіх прадпрымальнікаў на 240 тысяч (110 даляраў).
Падрыхтаваў Руслан РАВЯКА