Літвіно дэ Какімба
Менавіта так ласкава называў у сваіх лістах Адам Міцкевіч свайго лепшага сябра Ігната Дамейку. Воляй лёсу ён быў закінуты ў Чылі і стаў нацыянальным героем гэтай паўднёва-амерыканскай краіны. Імя Ігната Дамейкі (а чылійцы яго пяшчотна называлі “дон Ігнацыо” ці “Гран Адукатар”) навечна засталося ў назвах вуліцаў, у назвах двух гарадоў (Дамейка і Пуэрта Дамейка), горнага ланцуга Кардыльеры Дамейка. Яно ёсць на помніку, а таксама на кнігах, якія ён напісаў, на залатым медалі, выбітым Чылійскім урадам у гонар нашага слаўнага земляка.
Дзяцінства і юнацкія гады
Нарадзіўся Ігнат Дамейка ў фальварку Мядзвядцы (амаль на мяжы Карэліцкага і Баранавіцкага раёнаў) 31 ліпеня 1802 года. Яго бацька Іпаліт Дамейка быў праўнікам і займаў пасаду старшыні Наваградскага земскага суда. Ён памёр у 1809 годзе і апеку над асірацелымі дзяцьмі ўзялі браты Іпаліта. Маці сусветна-вядомага навукоўца паходзіла з роду Анцутаў і валодала маёнткам Сачыўкі, што каля Сталавічаў (Баранавіцкі р-н). Маленькі Ігнат быў ахрышчаны ў Паланэцкім касцёле св.Пётра і Паўла. Род Анцутаў быў цесна звязаны са знакамітым шляхецкім родам Туганоўскіх. Ігнат Дамейка сябраваў з Адамам Міцкевічам і яны шмат разоў прыязджалі ў фальварак Туганавічы да сваіх сяброў і аднадумцаў.
У памятным 1812 годзе, калі праз Беларусь з баямі двойчы праходзілі французскія і рускія войскі, І.Дамейка паступіў у школу манаскага ордэна піяраў у Шчучыне, а праз чатыры гады – на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта. Гэтая вышэйшая навучальная ўстанова была адной з самых перадавых ва Усходняй Еўропе і атрымала назву “Паўночных Афін”. Універсітэт выконваў ролю alma mater для адукаванай моладзі і, падобна магніту, прыцягваў да сябе лепшае, што было ў асяродку шляхты тагачаснай Беларусі і Літвы. Ён даваў моладзі не толькі неабходныя веды, але і ідэі прагрэсіўнага светапогляду. Са студэнцтва вылучыліся перадавыя людзі, якія марылі аб адраджэнні Рэчы Паспалітай абодвух народаў, лепшай долі свайго народа і выступалі супраць палітыкі рускага царызма. А.Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот і іншыя стварылі тайныя таварыствы “філаматаў” і “філарэтаў”. Гэтыя арганізацыі лічылі асветніцтва адзіным сродкам ліквідацыі заганаў існуючага ладу. Адам Міцкевіч увёў Ігната Дамейку ў тайнае таварыства філаматаў, у якім той атрымаў канспіратыўнае імя “Жэготы”. Менавіта А.Міцкевіч у сваёй паэме “Пан Тадэвуш” прыгадаў продкаў Ігната і іх маёнтак пад Ушай:“З той раніцы, нібы адной сямейкай,Жылі яны – Давейка з тым Дамейкам,Жаніліся на сёстрах і шваграмі Лад ладзілі,І ўжо гаспадарамі Карчму пры той Ушы пабудавалі,І на ўспамін “Мядзведзіцай” назвалі”.
У 1822 годзе Ігнат Дамейка скончыў Віленскі Універсітэт і атрымаў ступень магістра, а ў 1823 годзе царскія ўлады разграмілі тайныя студэнцкія таварыствы Віленскага універсітэта. У ліку першых быў арыштаваны і Дамейка. Ён быў сасланы ў фальварак Заполле, што побач з Лідай “пад вечны нагляд жандармаў і без права займаць якую-небудзь службовую пасаду”.
За нашу і вашу свабоду
Менавіта пад такім лозунгам у лістападзе 1830 г. у Варшаве пачалося паўстанне супраць царызму. Паўстанцы хацелі адрадзіць Рэч Паспалітую абодвух народаў, з якой нашыя землі на працягу 226 гадоў складалі адзіную федэратыўную дзяржаву.
Разам з іншымі інсургентамі непадалёку ад Ліды Ігнат Дамейка ўступіў у рады воінаў генерала Д.Хлапоўскага, калона якога рухалася з Польшчы праз Беларусь для падтрымкі паўстанцаў. Гэта была другая спроба адрадзіць Рэспубліку абодвух народаў, шляхам узброенага паўстання, якую гвалтоўна падзялілі Расія, Прусія і Аўстрыя ў канцы ХVІІІ ст. І. Дамейка стаў ад’ютантам Д.Хлапоўскага і суправаджаў генерала, адважна выконваючы яго даручэнні. Аднойчы Дамейка змог вярнуцца дамоў, ён наведаў дзядзьку ў Зыбуртоўшчыне (каля Дзятлава) і маці ў Сачыўках (каля Баранавічаў), каб развітацца ... назаўсёды.
“Лістападаўскае” вызвольнае паўстанне 1830-1831 г. пацярпела паразу і ўцалелыя інсургенты вымушаны былі адыходзіць за прускую мяжу пад Мемель (Клайпеду), дзе былі інтэрніраваны. Жэгота сядзеў тыдзень у Пілаўскай (цяпер Балтыйск) фартэцыі, адкуль іх павезлі ў Нямеччыну.
Нядоўгім было эмігранцкае бадзянне па Еўропе. Дамейка паспяхова скончыў у Парыжы Горную школу і прыняў запрашэнне Чылійскага ўрада выкладаць геалогію і мінералогію ў гімназіі горада Какімба, што паўночней Санц’яга.
Гран Адукатар
Чылі атрымала незалежнасць ад Іспаніі і ёй вельмі патрэбны былі кваліфікаваныя кадры для стварэння нацыянальнай сістэмы адукацыі. І. Дамейка паплыў у Чылі не з пустымі рукамі: вёз 30 скрыняў прыбораў і абсталявання для лабараторыі, якую паводле ягонага праекту пабудавалі ў г.Какімба для пачатку заняткаў.
За тры месяцы наш зямляк вывучыў іспанскую мову і распрацаваў арыгінальную методыку навучання для гімназіі г.Какімба. А яшчэ праз год шахтаўладальнік Карлас Лямберт, які ўласна з даручэння Чылійскага ўрада заключыў у Парыжы з Дамейкам кантракт на 6 гадоў, пераканаўшыся, як умела распазнаюць і аналізуюць какімбскія гімназісты мінералы ды руду. Ён сказаў, што нават студэнты Парыжскай Горнай школы пасля двух гадоў вучобы ведаюць не больш, чым маладыя чылійскія навучэнцы.
Горы Чылі былі багатыя на карысныя выкапні. Пасля стагоддзяў каланіяльнага застою і спячкі хуткімі тэмпамі развівалася эканоміка, узніклі новыя руднікі, капальнікі, для работы ў якіх патрабаваліся інжынеры і тэхнікі. У 1846 годзе Ігнат Дамейка стаў ужо прафесарам, а з 1867 па 1883 гады – рэктар Чылійскага Універсітэта ў Санц’яга. Таленавіты ліцвін (беларус) упершыню арганізаваў шырокае вывучэнне геалогіі і мінералогіі Бераговых Кардыльераў, Андаў, пустыні Атакама і Араўканіі, любуючыся яе прыродай, знаходзячы там шмат падабенства з роднымі беларускімі краявідамі. Узышоў наш зямляк і на кратэр вулкана Антука і ўпершыню апісаў яго. Адразу пасля вяртання з Араўканіі таленавіты вучоны напісаў і надрукаваў кнігу “Аўраканія і яе жыхары”. Кніга была добра прынята грамадскасцю, хоць яе аўтар папракнуў чылійцаў за несправядлівае стаўленне да гераічнага, свабодалюбівага народа. І.Дамейка стварыў этнаграфічны музей, увёў у Чылі метрычную сістэму вымярэння, напісаў падручнікі па фізіцы і мінералогіі.
Удзячныя чылійцы годна аддзячылі беларусу. У яго гонар назвалі мінерал дамейкіт, фіялку Viola Dameykiana. А калі ў 1883 годзе ён пайшоў у адстаўку з пасады рэктара Нацыянальнага ўніверсітэта, то палата дэпутатаў парламента зацвердзіла яму пенсію 6000 піястраў штогод. Ніхто, нават генералы, што змагаліся за незалежнасць Чылі, не былі так забяспечаны на старасць. І.Дамейка быў больш, чым рэктарам Чылійскага ўніверсітэта, ён быў апосталам навукі, так пра яго напісалі газеты, калі наш зямляк пакінуў працу.
На Бацькаўшчыну
Розумам Дамейка належаў Чылі. А душой? “Душа мая рвецца да вас”, – пісаў ён сваяку неўзабаве перад выездам на Бацькаўшчыну.
23 траўня 1884 года на вакзале Санц’яга было незвычайна людна. Сабраліся гімназісты, студэнты ўніверсітэта, дэпутаты парламента, сенатары. Воклічамі “Віват Дамейка!” сустрэлі яны нашага земляка і правялі да вагона. Аркестр іграў нацыянальны чылійскі гімн, гучалі прамовы, а Дамейка ўспомніў, як ён у чэрвені 1838 года, перабраўшыся праз Кардыльеры, на муле прыехаў на сваю другую радзіму.
На Бацькаўшчыне яго сустракалі з слязьмі радасці, з вялікай пашанай не толькі сваякі, але і іх нашчадкі. Сустракалі нашчадкі філаматаў і філарэтаў, і простыя сяляне, старэйшыя з якіх памяталі “добрага пана”. У той час на Беларусі не было мусіць ніводнага адукаванага чалавека, які б не прачытаў ягонай “Араўканіі...”, што была выдадзеная ў Вільні напярэдадні паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
Амаль чатыры гады пражыў Ігнат Дамейка на Бацькаўшчыне. Ахвотна ездзіў у госці, завітаў у Вільню, Наваградак, дзе маляваў разбураны дамок Міцкевічаў. Некалькі разоў выязджаў у Парыж, адкуль паехаў паглядзець Рым і Іерусалім. Добра сядзелася яму ў “цеплым закутку” зяцевага палаца ў Зыбуртоўшчыне каля Дзятлава, лёгка дыхалася сярод родных палёў і лясоў. Ды гэтага Дамейку, “тытану працы”, было мала. Ягоныя веды, розум не былі запатрабаваныя Расійскай імперыяй, хоць пра ягоныя асветніцкія і навуковыя дасягненні добра ведалі. Газеты абедзвюх сталіц зычліва віталі прыезд знакамітага чылійскага навукоўца. А ўрад? Прайшло больш за паўвека, а царскі ўрад бачыў Дамейку ўсё тым жа інсургентам, праціўнікам царызму.
Зноў у Чылі
3 Чылі ж прыходзілі радасныя весткі. Там, ужо пасля ад’езду Дамейкі, у гонар былога рэктара выбілі залаты медаль. Грамадзянін Чылі памятаў словы аднаго студэнта пры развітанні, які наказваў дону Ігнацыа вярнуцца ў Чылі, другую радзіму, якую здабыў сваім сэрцам. Так яно і адбылося. Але нядоўга пражыў выгнанец-беларус у сваім доме ў Санц’яга. 23 студзеня 1889 года па ўсёй Чылі была абвешчана жалоба: памер нацыянальны герой Ігнат Дамейка. У 1997 годзе і на Радзіме Дамейкі пакладзены пачатак ушанавання слаўнага сына Беларусі – адзначалася 195-годдзе з дня яго нараджэння. У Карэлічах прайшлі “чытанні”, прысвечаныя славутаму земляку.А 31 ліпеня ў Мядзвядцы, дзе ён нарадзіўся, была ўсталявана мемарыяльная дошка, адкрыты музей Ігната Дамейкі ў мясцовай школе, ягоным іменем названа вуліца.А што будзе зроблена ў 2002 годзе, калі будуць адзначацца 200-ыя ўгодкі з дня народзінаў сусветнавядомага навукоўца?
Віктар Сырыца, старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ